БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (дадатак да адпаведнага арт. ў т. 2),
паводле геамарфал. раянавання А.В.Мацвеева (1988), геамарфалагічная вобласць на Пн Беларусі. Мяжуе на Пд з геамарфал. вобл. Цэнтральнабеларускія краявыя ледавіковыя ўзвышшы і грады. Падзяляецца на 17 геамарфал. раёнаў: Браслаўскае, Віцебскае, Гарадоцкае, Ушацкае краявыя ледавіковыя ўзвышшы; Асвейская, Свянцянскія, Свірская краявыя ледавіковыя грады; Заборская, Нарачанская водналедавіковыя раўніны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі; Сенненская, Шумілінская марэнныя раўніны; Лучоская, Суражская ледавікова-азёрныя раўніны; Азёрская, Чашніцкая водна-ледавіковыя нізіны; Полацкая ледавікова-азёрная нізіна; даліна р. Зах. Дзвіна.
Рэгіён характарызуецца пашырэннем ледавікова-азёрных раўнін і нізін, азёрных катлавін і краявога ледавіковага рэльефу паазёрскага ўзросту. Рачныя даліны маладыя, вузкія і глыбокія, часта трапляюцца парогі. Абс. вышыні ў цэнтр. частцы пераважна 120—160 м, па далінах рэк 100—125 м. Усх. частка больш высокая, пераважаюць вышыні больш за 150 м. Краявыя грады і ўзвышшы дасягаюць выш. 200—260 м, на Віцебскім узвышшы — да 300 м. Паверхня рэгіёна ў цэлым мае катлавінападобную форму, акаймаваную ледавіковымі градамі і ўзвышшамі. Паўд. мяжа вобласці супадае з мяжой пашырэння апошняга ледавіковага покрыва паазёрскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.І. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988.
А.В.Мацвееў.
т. 18, кн. 1, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)